«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў НьюЙорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.Тамашчык), М.Гарошка, Я.Запруднік, П.Манькоўскі, М.Міцкевіч, М.Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел. правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.

М.М.Міцкевіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)